ЭЛЕКТРААКУСТЫ́ЧНЫ ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНІК,
элемент акустаэлектронных прылад для пераўтварэння эл.-магн. энергіі ў акустычную (энергію пругкіх ваганняў) і наадварот. У залежнасці ад напрамку пераўтварэння адрозніваюць Э.п.-выпрамяняльнік і Э.п.-прыёмнік. Канструкцыі Э.п. істотна залежаць ад іх прызначэння.
З дапамогай Э.п.-выпрамяняльнікаў ажыццяўляецца ўзбуджэнне акустычных ваганняў у пругкіх асяроддзях, Э.п.-прыёмнікаў — прыём і вымярэнне іх параметраў. Большасць Э.п. лінейныя (г.зн. задавальняюць патрабаванням нескажонай перадачы сігналаў) і абарачальныя (могуць працаваць як выпрамяняльнікі і як прыёмнікі). Большасць Э.п. ажыццяўляе падвойнае пераўтварэнне энергіі: эл.-мех. (частка падведзенай эл. энергіі пераўтвараецца ў ваганні мех. сістэмы) і механаакустычнае (ваганні мех. сістэмы ствараюць у асяроддзі гукавое поле). Існуюць Э.п., якія не маюць мех. вагальнай сістэмы і ствараюць гукавыя ваганні непасрэдна ў асяроддзі, напр., электраіскравы выпрамяняльнік, які стварае магутныя гукавыя ваганні пры эл. разрадзе ў вадкасці. Да асобнага класа Э.п. адносяць прыёмнікі гуку, прынцып дзеяння якіх заснаваны на зменах эл. супраціўлення адчувальнага элемента, напр., вугальныя мікрафоны ці інш. прыёмнікі, у якіх выкарыстоўваецца тэнзарэзістыўны эфект.
В.М.Дашанкоў.
т. 18, кн. 1, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)